А. Сімакоў. Соня Цым (Блікер) – «сяброўка чырвонаскурых»

Сярод індзейцаўяк дома

Ці чыталі вы кніжкі пра індзейцаў? Не, не Купера ці Майн Рыда і нават не «Сына вады» Янкі Маўра, а тых аўтараў, што меліся расказаць пра карэнныя народы Амерыкі толькі фактамі, але не менш займальна, чым у рамане або апавяданні? Можа, ведаеце імя Стынгла і яго «індзейцаў без тамагаўкаў»? А ці чуў хто-небудзь з вас, што адна наша зямлячка за акіянам напісала многа такіх кніг — зразумелых і цікавых школьнікам?

У 1909 годзе ў беларускай вёсцы Старцавічы нарадзілася дзяўчынка, названая Соняй. Лёс яе быў непрадказальны, як і большасці простых людзей у царскай Расіі. Месца, дзе жылі бацькі, амаль не адрознівалася, як потым пісала ў аўтабіяграфіі Соня Цым, ад пуэбла — вёсак індзейцаў у Нью-Мексіка і Арызоне. «Магчыма, гэта і тлумачыць тое, што я адчуваю сябе як дома сярод індзейцаў. …Мы таксама карысталіся глінянымі кубкамі і міскамі. Раз у тыдзень назіралі за працай ганчароў. Мы пяклі свой хлеб, забівалі на мяса авечак і свіней. Мы цягалі ваду з калодзежа, так, як гэта робяць у пуэбла. Мы пралі і ткалі сваю паўсядзённую вопратку, бялізну і дываны. Замест макасінаў насілі лапці». Але ўсё змянілася, калі сям’я Соні пераехала ў Амерыку — багатую краіну, дзе выпадак ці вельмі ўпартая праца маглі даць і дабрабыт і задавальненне жыццём. Тут дзяўчынка паступіла ў каледж — наперадзе былі сапраўды вялікія перспектывы. Увогуле, лёс яе нагадвае жыццёвы шлях славутага пісьменніка-фантаста Айзека Азімава — ураджэнца Гомельскай губерні. Так атрымалася, што яны нават вучыліся ў адным універсітэце — Калумбійскім, куды Соня прыйшла, каб завяршыць адукацыю. Відаць, маючы такіх выкладчыкаў, як славутыя вучоныя Франц Боас і Рут Бенедыкт, нельга не палюбіць этнаграфію — навуку аб народах і культурах, і Соня Цым выбірае гэтую спецыяльнасць, тым больш, што, як яна сцвярджала сама, заўсёды цікавілася ладам жыцця іншых народаў.

Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала рэдактарам у нью-йоркскіх выданнях, а з 1950 года займалася выключна літаратурнай працаю. Плёнам яе працы з’явілася доўгая паліца кніг аб розных плямёнах Амерыкі і Афрыкі. Гэтыя кнігі адносяцца да «дзіцячай літаратуры па антрапалогіі» (антрапалогіяй у Амерыцы часта называюць этнаграфію), і адыгрываюць вялікую ролю ў фарміраванні аб’ектыўнага, спагадлівага стаўлення да людзей, якія адрозніваюцца колерам скуры, звычаямі і формаю грамадскай арганізацыі. Першую сваю кнігу яна прысвяціла іракезам.

Жывучы ў Нью-Йорку, Соня Цым разам з сям’ёю мела магчымасць ездзіць у рэзервацыю Анандага. Аднойчы ёй спатрэбіліся кніжкі пра жыццё індзейцаў у мінулым, каб прачытаць дзецям. Але аказалася, што такіх кніг вельмі мала, і жанчына ўзялася напісаць пра індзейцаў для 8—12-гадовых.

Пасля «Індзейцаў Доўгага Дома» з’явіліся апісанні сапраўднага жыцця апачаў, семінолаў, пуэбла, навахаў, з якімі Соня Цым пазнаёмілася ў час паездак па краіне. Назвы яе кніг маюць падзагалоўкі, якія даюць кароткія характарыстыкі плямёнам: «Індзейцы гор» (чырокі),«паляўнічыя паўночных раўнін» (кроў), «усходнія рыбаловы і земляробы» (дэлавары), «збіральнікі рысу з Вялікіх Азёр» (чыпева), «коннікі Заходняга плато» (нэ персе, або «праткнутыя насы»), У кніжнай серыі знайшлося месца і нарысам пра самыя вядомыя народы на поўдзень ад Рыа-Грандэ — ацтэкаў, мая, інкаў.

Соня Цым збірала не толькі матэрыялы для кніг, але і рэчы, зробленыя рукамі індзейцаў. Частка іх была перададзена музеям і служыць справе пашырэння этнаграфічных ведаў. Сярод усіх індзейскіх народаў для нашай зямлячкі найбольш прывабнымі заставаліся індзейцы Паўднёвага Захаду, да якіх яна ездзіла з Фларыды, дзе жыла апошні час. Так сталася, што Соня Цым з мужам cадзейнічалі перакладу на мову наваха — самую распаўсюджаную індзейскую ў ЗША — першай навукова-папулярнай кніжкі. Аўтарам яе быў Герберт, Сонін муж, вядомы папулярызатар прыроды. Трэба адзначыць, што многія кнігі Соні Цым былі перакладзены на еўрапейскія мовы, а сама яна займалася папулярызацыяй у Амерыцы рускай мовы, савецкай літаратуры і навукі.

Соня і яе муж – фота з beloit.edu

Наша суайчынніца прысвяціла сябе асветніцка-этнаграфічнай працы і гэтым заслугоўвае нашай павагі і ўдзячнасці. Можа, калі-небудзь мы зможам прачытаць адну з кніг Соні Цым па-беларуску?

Алесь Сімакоў, г. Гомель

Першы варыянт гэтага артыкула пад назвай “Сярод індзейцаў, як дома” быў апублікаваны пад рубрыкай “Беларускія Калумбы” ў часопісе “Бярозка” № 6, 1989. Для belisrael.info аўтар прыслаў удакладнены варыянт, да таго ж ён паведамляе наступнае: «У “Бярозцы” не згадвалася пра дзявочае прозвішча Соні, якое з’яўлялася ў яе публікацыях, – гэта тлумачылася “асцярожнасцю”, яе беларускаму біёграфу не хацелася у той час акцэнтаваць яе карані, у якіх ён пэўны час і не быў упэўнены. Акрамя таго, прозвішча Zim, узятае ад мужа, пісалася ў “англізаваным” выглядзе – Зім, а не Цым, як гэта больш правільна было б перадаваць у “еўрапейска-яўрэйскай” традыцыіПершы раз ускосна пацвердзілася яе яўрэйскае паходжанне тады, калі стала вядома пра валоданне яе сястрой Сільвіяй мовай ідыш. Сільвія ўвайшла ў арыгінальнае палітычнае асяроддзе – стала саратніцай і жонкай лідара амерыканскіх трацкістаў Морыса Левіта (Стайна), таксама ўраджэнца Беларусі. Соня і яе муж Герберт, у сваю чаргу, былі квакерамі… Малюнкі з яе кнігі пра апачаў (Bleeker, Sonia. The Apache Indians: Raiders of the Southwest. New York: William Morrow & Company, 1951) можна ўбачыць у выданні: Костян, Игнат. Апачи – прошлое и настоящее. Мозырь: Белый ветер, 2015».

Апублiкавана 14.02.2018  17:25

Leave a Reply