МЭІР ШАЛЕЎ ПА-БЕЛАРУСКУ! (ІІ)

МЭІР ШАЛЕЎ ПА-БЕЛАРУСКУ! (ІІ)

Мэір Шалеў

Дом вечнасці для першапраходцаў

Урывак з рамана (працяг; пачатак тут)

Другі раздзел

Туга па дзеду, бы пялёнка, засціла вочы. Я падняўся з вялікага скуранога фатэлю і стаў бадзяцца па пакоях дома. Па вялікай віле, набытай пасля таго, як, пахаваўшы ў садзе дзеда і ягоных сяброў, я разбагацеў ды пакінуў вёску. Словы Пінэса “Толькі ты і Барух”, выбраўшыся на паверхню, не надта спяшаліся схавацца назад у сваю шуфлядку. Пачуўся пошум хваляў. Я выйшаў на падстрыжаны газон і распрастаўся ля берага.

Камяніцу з усімі прычындаламі я купіў у аднаго банкіра, які даваў драла з краіны. Не ведаю, з якое прычыны. Я ніколі не сустракаў падобных да яго і ніколі не завітваў у банк. Грошы, што плацілі мне сем’і нябожчыкаў, я пакідаў у кароўніку ў старых мяхах для адкідаў хімікалій, ля цыноўкі старога Зайцэра, для якога жыць побач з каровамі было справай прынцыпу.

– Нават у першых кібуцах я жыў у загончыку, – абвясціў ён.

Вялікія вушы Зайцэра вытыркаліся абапал старога шалома. Ён мог варушыць імі, і раз-пораз, калі перабываў у гуморы, адгукаючыся на просьбы дзятвы, дэманстраваў сваё ўмельства. У Зайцэра былі цвёрдыя прынцыпы і “праграма”, якая змінала рэальнасць, нібыта сцяблінку трылісніка.

“Зайцэр, – занатаваў дзед, – гэта адзіная працоўная партыя, якая не зведала ніводнага расколу, бо ў ёй налічваецца толькі адзін член”.

Бускіла, распарадчык на маіх могілках “Дом вечнасці для першапраходцаў”, прыехаў да майго новага дома ў грузавічку, на якім перавозіліся дамавіны з аэрапорта і з дамоў састарэлых, а таксама транспартаваліся помнікі ад старых каменячосаў з Галілеі.

Дом уяўляў з сябе прасторную белую камяніцу, аточаную жываплотам са смоланасенніка. Перш чым націснуць на кнопку ля брамы з электрычным замком, Бускіла задаволена агледзеўся. Калі я паведаміў яму, што першапраходцы ўсе да апошняга памёрлі, поле цалкам запоўнілася помнікамі, а я закрываю басту і з’язджаю з вёскі, дык Бускіла выправіўся на пошукі і знайшоў для мяне новае жытло. Ён заняўся купляй: таргаваўся з пасярэднікамі, ад’ядаючы адвакатам сэрца сваёй атрутнай прыязнасцю.

Стоячы з Бускілам перад гіганцкай брамай, я думаў, што мне ніколі не даводзілася жыць у сапраўдным доме. Раней я туліўся у дзедавай хаце, старым драўляным бараку; у большасці гаспадарак такія баракі даўно ператварылі ў каморы або паветкі.

Прыйшоў я ў сваёй сіняй спяцоўцы. Бускіла – у светлым ільняным гарнітуры, несучы мех у руцэ. Банкір, таўсмаценькі і ўвішны, кінуўся яму напярэймы. Мяккія цягліцы неслі яго цела па паліраваных гранітных плітках.

– А-а! – гукнуў ён. – Вось і далакопы.

Бускіла не азваўся. Гады заўзятай барацьбы з сельскімі інстанцыямі і кібуцнымі ўстановамі навучылі яго, што нашы могілкі гадуюць у сэрцах пагарду і зайздрасць усіх, акрамя пахаваных на іх нябожчыкаў. Ён развязаў горла меха ды вытрас запыленыя банкноты на дыван. Задушлівая сульфатная аблачына выпырхнула са стоса. Бускіла падышоў да банкіра, які закашляўся. Моцна ляпнуўшы па спіне адной рукой, працягнуў яму другую.

– Бускіла Мардэхай, распарадчык. Усё ў далярах, як дамаўляліся, калі ласка, палічыце.

Бускіла – мая правая рука. Старэйшы за мяне на цэлае пакаленне і мой добры сябра. Нізенькі, востры на язык, з вытанчаным станам і станчэлымі валасамі. Ад яго заўжды прыемна патыхае зялёным мылам.

עין חרוד

У Палесціне пачатку ХХ ст.Банкір лічыў купюры, а Бускіла тым часам павёў мяне па дому: паміж дарагімі крышталёвымі сервізамі і калекцыямі срэбных кубкаў, па роўнядзі тоўстых дываноў. Са сценак на мяне са здзіўленнем і дакорам глядзелі персанажы карцін і фотапартрэтаў.Вызірнуўшы з пакою-шатні, у якой віселі доўгія шэрагі гарнітураў, Бускіла жэстам знаўцы і ацэншчыка памацаў тканіны.

– Навошта табе гэта? – запытаўся. – На цябе нічога не налезе.

Я сказаў Бускіле, каб браў сабе, колькі душы заманецца. Ён паставіў кружэлку, і раскаты голасу опернай прымадонны скаланулі белую прастору. Банкір злосна кінуўся да нас:

– Можа, адкладзеце пагулянку да майго ад’езду?

– Хутка палічыш, хутка паедзеш, – усміхнуўся яму Бускіла. – Табе ж так лепей.

Ён абвіў рукой укормленыя сцёгны банкіра, у танцавальным руху развярнуў яго тулава і асцярожненька пхнуў у кірунку стоса з грашыма.

Праз каторы час прыйшлі адвакаты і прынеслі паперы на подпіс. Банкір напакаваў валізы і паспяшаўся да выхаду, а Бускіла, у чыёй руцэ бліснуў келішак, выйшаўшы на балкон, загукаў услед блаславенні на шчаслівую дарогу. Вярнуўшыся ў пакой, убачыў на маім твары прыгнечанасць.

– Можа, я тады паеду?

– Заставайся, – сказаў я яму, – пераначуеш, разам паснедаем, тады ўжо паедзеш.

Вялікі ложак банкіра быў першым ложкам, з якога не вытыркаліся мае ногі. Маё цела было не гатовае да пакорлівага матраца, да чорных дотыкаў ядвабу, які напойваў паветра духмянасцю і бязволлем у памяць аб усіх тых распластаных жанчынах, якія пакінулі барозны асалоды на ягоных прасцінах. Але муры, што ўзвялі вакол мяне Пінэс і дзед, стаялі непахісна. Загрубелая скура ступакоў выдзірала валокны з тканіны, а пахі натуральнай абіўкі і дрэва, бляск крышталя і хрому да мяне не ліплі.

Заснуў я за чвэртку гадзіны да світанку, на лічаныя хвіліны. Дзедаўскі расклад дня ўсё яшчэ смылее ўва мне… Дзед заўжды ўскручваўся першы. Пакінуўшы сняданак на стале, даваў мне востры штурхель і выпраўляўся на працу ў сад. “Грушы добра збіраць да таго, як яны прачнуліся”, – тлумачыў ён мне.

Бускіла яшчэ спаў. Я адсунуў вялікія шкляныя дзверы і выйшаў на двор. Як на мяне, дык банкіраў сад быў надта пахнючы, напоўнены знарочыста-дэкаратыўнымі кветкамі, якіх я раней і не бачыў. Пінэс зрабіў з нас знаўцаў выключна палявых кветак і гаспадарчых раслін.

– Вяргіні і фрэзы – гэта буржуазная флора, – абвесціў ён. – Нашы дэкаратыўныя кветкі – гэта зяновец і нарцыс. Нашы культурныя расліны – канюшына і вінаградная лаза. “Твой Бербанк заняўся хрызантэмамі”, – цвяліўся ён з дзеда.

Я паглядзеў – і ўпершыню ў жыцці ўбачыў мора. Яно заўжды хавалася за гарой… Менавіта па яго хвалях прыбылі дзед і бацька ў Зямлю Ізраіля. Мора сыпала аскабалкі на прыгожы твар майго зніклага дзядзькі Эфраіма, калі ён адплываў на поле бою.

Праз паўгадзіны на газоне паявіўся Бускіла, загорнуты ў халат. Ён нёс паднос, устаўлены падсмажанымі скібамі булкі-пляцёнкі і высокімі кубкамі з сокам.

Мы селі на краі кветніка, і вочы мае, блукаючы між хмызамі, адразу ж угледзелі павучыныя карункі. У гэтую пару сетка яшчэ зіхцела ад расы. Калі я падпоўз і стаў шукаць самаго павука, на твары Бускілы пашырыўся ашчэр. Павук стаіўся ў маленькім намёціку, звязаным ніткамі павуты з ссохлай лістоты. Схаваны ад вока, у чаканні сваёй ахвяры. Упершыню павука паказаў мне Пінэс у дзедавым садзе.

На пачатку лета ён почасту браў мяне ў “Акадэмію матухны-прыроды”, шукаць прусакоў і павукоў. Яго старэчая рука надзіва спрытна тарганулася. Злавіла муху, што замарудзілася была на адным з лісткоў, і шпурнула яе ў павуту.

– Глядзі! – сказаў Пінэс.

Павук подбегам выскачыў на павуту. Спавіў ахвяру ў белы саван, абгарнуў і абкруціў маленькую мумію паміж сваіх валахатых ножак. Потым далікатна даў атрутную буську і спрытна пацягнуў здабытак у хованку. Падняўшыся на ногі, я павярнуўся да Бускілы.

– Ну, ты шчаслівенькі? – запытаўся ён, узвяселены. – Віла – нармуль? Маім патрабаваннем да прадаўцоў было, каб у тваім новым садзе абавязкова корпалася прусаччо і чарвяччо.

Калі мне было пяць, дзед і Пінэс узялі мяне ў мігдаловы гай Эліезэра Ліберзона. Дзед падышоў да аднаго дрэва, пакопаўся ля карэння і паказаў мне сляды; нехта тачыў і грыз і паглыбіўся ад кары да сарцавіны. Ён паклаў пальцы на камель. Прыціснуў асцярожна, пакуль не знайшоў, што хацеў, а тады дастаў ножык-складанчык і выразаў у кары правільны квадрат. Інсекта, якую мы знайшлі, была даўжэзная, сантыметраў на дзесяць, блякла-жоўтая, з цёмнай галоўкай, шырокая і цвёрдая. Калі да яе дакрануліся сонечныя промні, яна пачала шалёна звівацца і голасна брыдкасловіць.

– Златка, – сказаў дзед. – Вораг міндаля, абрыкосу, слівы. Любога плода з косткай.

– “У цемры чыняць свае злачынствы”, – дадаў Пінэс.

Кончыкамі ляза дзед выкалупаў здаравячку з чырвяточыны і шпурнуў на зямлю. Я адчуў, як поўнюся агідай і гневам. Пінэс сказаў:

– Прывялі мы цябе сюды, бо ў дзедавым садзе ты вусеняў златкі не знойдзеш. Матка-златка ніколі не атакуе моцнае і дагледжанае дрэва. Яна будзе шукаць кволую авечку ў статку і менавіта ў ёй адкладзе свае яйкі. Убачыўшы пад зямлёй прышчэпленае дрэва, чые сокі бруяцца і шумяць, яна хутчэй скіруецца да зняверанага і засмучанага сухастоя. У яго закіне сумненні, а яе шчупальцы раздзяруць кволую душу.

Дзед адвярнуўся, каб не было відаць усмешкі. Пінэс спыніў мяне – не даў, каб я растаптаў вусеня.

– Кінь дурное, – сказаў ён. – Сойкі выбавяць яго ад пакутаў. “Калі хто застане злодзея, які падкопваецца, і ўдарыць яго так, што той памрэ, дык кроў не залічыцца на яго”.

Мы вярнуліся дадому. Адна мая рука была заціснутая ў дзедавай, а другая – у настаўніцкай. Абодвух клікалі Якаў. Якаў Міркін і Якаў Пінэс.

Падчас адной выправы паказаў мне Пінэс самую маман, жучка златкі, што гойсала па галінах дрэва.

– Жучок маскуецца пад мігдаловы арэх, які пачарнеў, – прашаптаў ён.

Калі я працягнуў да златкі руку, яна падціснула лапкі і бязвольна павалілася долу. Настаўнік нахінуўся і паклаў яе ў вядро.

– Такая цвёрдая, – патлумачыў ён. – Ажно каб загнаць у яе шпільку, патрабуецца маленечкі малаточак.

Дзяды на дваіх выпілі тузін шклянак гарбаты і струшчылі паўкіло аліваў. А трэцяй ранку Пінэс сказаў, што пойдзе дадому, і дадаў, што калі зловіць пералюбніка, дык таго чакае “незайздросны лёс і сумны фінал”.

Ён адчыніў дзверы, спыніўся насупраць цямрэчы, абярнуўся і сказаў дзеду, што яму жудасна, бо прыгадаў гіену.

– Гіена ўжо здохла, Якаў, – сказаў яму дзед. – І ты гэта ведаеш лепей за ўсіх. Можаш ужо супакоіцца.

– Кожнае пакаленне гадуе новых ворагаў, – змрочна адказаў Пінэс і выйшаў.

У гарачай начной тоўсці, па-над “тонкай плёнкай, з якой паўстала наша жыццё”, ён пацёгся дадому, разважаючы (я ведаў напэўна) пра матывы шкодніцтва і пагроз. Яны нараджаліся штохвіліны і пырхалі вакол, распускаліся ў цемры, як жахлівыя пухіры каламутнай і здзічэлай мінуўшчыны.

Пінэс пачуў ціхенечкія корпанні мангуста, убачыў ашчэраны твар дзікага ката, які ступіў сваімі шоўкавымі падушачкамі на сцежку забойстваў і рабункаў. На нівах палявыя мышкі ніштожылі плады сялянскае працы. Пад мазаічным слоем – галерэямі барознаў саду і ўжатай нівы – драмала найвялікшая легенда, балота. Яго колісь скарылі бацькі-заснавальнікі, яно стаілася і чакала першых прыкметаў іхняй слабізны. Калі настаўнік звярнуў твар на захад, ён убачыў аранжавае сяйво, не раўнуючы, Мілавіцу. Тое былі агні горада, што разлёгся па-за Сіняй Гарой, тое быў спакуслівы бляск эксплуататарства і маральнага гніцця, лёгкай нажывы, юрлівай плоці і пажадлівых падміргванняў.

Яшчэ колькі хвілін дзед прыбіраў кухонныя прылады, потым патушыў святло і зайшоў у спальню. Перш чым ён залез на сваё спальнае месца і прытуліўся да мяне, я заплюшчыў вочы, нібыта сплю.

– Маё малятка-немаўлятка, – прашаптаў, а яго губы шнаралі па маіх шчацэ і роце.

Было мне пятнаццаць гадоў. Сто дваццаць кілаграмаў мясістых цягліц і калючых чорных валос. Але дзед рупіўся нахінуць мяне кожную ноч. Гэтаксама зрабіў і ў тую ноч, калі прынёс мяне ў дом, гэтаксама зрабіў сёння. Потым падышоў да свайго ложка і са скрыні з прасцінамі дастаў піжаму. Я назіраў за ім, калі ён раздзяваўся. Гады не скурчылі і не заплямілі ягонай плоці. Нават калі я хаваў цела ў цемры ночы і зняў з дзеда новую піжаму, – паводле ягонай просьбы перад самай смерцю, – дык цела працягвала зіхцець таямнічай беллю, якая ахутвала яго пры жыцці. Усе яго сябры былі загарэлыя: іх скура абвуглілася і патрэскалася ад шматгадовага смажання на сонцы і працоўных высілкаў. Але ж дзед, абаронены даўгімі рукавамі, заўсёды пахаджваў па сваім садзе ў саламяным брылі. Яго твар не праціналі промні сонца, і ён застаўся бледны, нібы палатно.

Дзед адчыніў акно і, уздыхнуўшы, лёг у пасцель.

(пераклад з іўрыта Паўла Касцюкевіча; заканчэнне будзе)

Апублiкавана 22.10.2017  01:14

Leave a Reply