В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (63)

Шалом!? Скора ўжо, скора, чырвона-жылістая восень, як той Майсей Саламонавіч пісаў, затупаціць меднымі нагамі ды загрыміць па ўсіх шляхах… А пакуль цёпла на дварэ, што не значыць – на сэрцы.

У мінулай серыі анансавалася «ідышная» прагулка па Мінску з Аляксандрам Фурсам; 13 жніўня яна-такі прайшла, прывабіўшы амаль два дзясяткі аматараў. Няможна адмаўляць своеадметнага артыстызму А. Ф., але ў змястоўным плане тлумачэнні «экскурсавода» хутчэй расчаравалі… Наўрад ці варта было некрытычна падыходзіць да кнігі пра яўрэйскіх савецкіх пісьменнікаў 2006 г., даволі тапорна перакладзенай з ідыша па смерці Гірша Рэлеса. Арыгінал выйграе ўжо таму, што рыхтаваўся і выйшаў пры жыцці аўтара ў 2004 г., пісьменнік меў шанс вычытаць карэктуру. Калі ў 2005 г. бібліятэкарка «Хэсэда» Фаіна Злоціна папрасіла мяне за тры дні адрэдагаваць пераклад дваіх энтузіястаў (дагэтуль не цямлю, нашто было так спяшацца – кніга выйшла друкам толькі праз некалькі месяцаў – але ў Злоцінай ужо не спытаць, памерла яна), то я зрабіў, што мог, прыбраў самыя відавочныя памылкі… На жаль, некаторыя потым былі занесены зноў: адсюль і «Бойтрё» (знакамітая п’еса Кульбака называецца «Бойтра», а па-руску – «Разбойник Бойтре», і «Хайзекиль» Дунец (слушна «Хацкель» або «Иехезкель»), і многае іншае.

А. Фурс руліць

З другога боку, няблага, што хоць такое знаёмства з яўрэйскім красным пісьменствам мае месца. Да таго ж Аляксандр – чалавек яшчэ малады, і быццам бы схільны да самаадукацыі.

Зноў вярнуся ў думках і словах да паездкі ў Ізраіль і па Ізраілі сёлета, у чэрвені-ліпені. Чым далей, тым менш успамінаецца недарэчнасцей, а больш «плюсоў». Напрыклад, як цешылі нашыя з жонкай вочы яркія дрэвы і аўтамабільчыкі на аднаго-двух пасажыраў…

Знята ў Рышон Ле-Цыёне і Петах-Тыкве

З’явіліся ў краіне ў апошнія гады, працуюць на электрычнасці, асабліва зручныя для пенсіянераў, інвалідаў (бадай, аналаг савецкіх «Запарожцаў» :)). Каб яшчэ ізраільцы іх самі рабілі – а то, кажуць, з Японіі прывозяць. І кошт немалы.

Ізраіль пазіцыянуе сябе як краіна хай-тэку і разумных людзей, але вось што выпала прачытаць: «Згодна з дакладам інстытута “Шорэш”, апублікаваным перад пачаткам новага навучальнага года, Ізраіль займае перадапошняе месца па якасці сярэдняй адукацыі сярод 25 развітых краін, апярэджваючы толькі Славакію… 39% нашых навучэнцаў, якія здавалі міжнародныя экзамены PISA, не здолелі прадэманстраваць хаця б мінімальны ўзровень умення будаваць стратэгію рашэння задач». Так, я ў курсе, што ізраільцяне паважаюць навуку і шмат грошай на яе выдаткоўваюць (сам гэта згадваў тут), але можа стацца так, што паступова «яйкагаловыя» з’едуць або распусцяцца ў масе недавукаў…

Яшчэ адзін трывожны факцік (на мой одум, нашмат больш трывожны, чым нестабільнасць урада Нетаньягу): «Закон аб чысціні, прыняты 10 год таму па ініцыятыве тагачаснага міністра экалогіі Гілада Эрдана, не выконваецца… Хаця на вуліцах гарадоў з’явіліся рознакаляровыя сметніцы…, 80% ізраільскага смецця нават пасля сартыроўкі і раздзялення па-ранейшаму закопваюць у зямлю… Ізраіль па-ранейшаму адстае ад усіх развітых краін у сферы другаснай утылізацыі адкідаў». У Беларусі праблема таксама вострая: спецыялісты пісалі, што тутака ў агульным аб’ёме высокая доля небяспечных адкідаў (8%), што варта пераймаць вопыт Еўрапейскага Саюза ў перапрацоўцы. Але нямала і зараз перапрацоўваецца, асабліва побытавага смецця. Мо нават ізраільцам ёсць чаго павучыцца…

Мінулі сто дзён з прыходу на пасаду «новага» пасла Ізраіля ў Беларусі. З пазітыўнага адзначу тое, што ён устрымаўся ад заяў пра палітзняволеных у стылі свайго папярэдніка, і ўвогуле выказваецца больш дыпламатычна. Не сядзіць у Мінску, стараецца наведаць як мага больш перыферыйных гарадоў аж да Оршы, робіць акцэнт на сваіх захапленнях (ён і рыбак, і кулiнар). У той жа час пан Алон, выглядае, праводзіць тую ж «прагматычную» лінію, што і яго папярэднікі: ёсць улада, з ёй і будзем працаваць, а людзі альтэрнатыўных поглядаў «ідуць лесам».

Характэрная карцінка на галоўнай старонцы сайта пасольства Ізраіля ў РБ…

Вісіць чацвёрты месяц – няўжо за гэты час больш не было чым ганарыцца? Лёгкі сум навявае і тое, што пасол (пакуль) не жадае адказваць на запыт belisrael.info наконт нядаўніх інцыдэнтаў у аэрапорце Бен-Гурыёна, праз якія турысты з Беларусі былі адпраўлены назад.

Тым часам Эран Ласер, ізраільскі «гуру» IT-cектара, ручкаецца ў Мінску з адыёзным ідэолагам Я. і дакляруе стварыць у Беларусі адзін з найлепшых адукацыйных цэнтраў у свеце, бо «Ваш прэзідэнт паставіў амбітную мэту – у кароткія тэрміны стварыць ІТ-краіну» (ага, з «айфонамі, плафонамі»). Арыентацыя сіёнскіх ізраільскіх мудрацоў на тых, хто пры ўладзе, у нечым зразумелая… Вунь і нобелеўская лаўрэатка, якую ў канцы 2015 г. лічылі адной з самых уплывовых жанчын Беларусі, 12.08.2017 заявіла ў Гомелі, на рэгіянальным пасяджэнні свайго «інтэлектуальнага клуба», што Лукашэнку – «моцную, харызматычную постаць» – гадоў 20 падтрымліваў народ, дый цяпер бачыць у краіне «60 працэнтаў» яго прыхільнікаў. Паводле маіх назіранняў, працэнт, як для 2010-х гадоў, завышаны разы ў тры. У чэрвені 2016 г. манаеўскі інстытут (а да разгрому ён быў асцярожны, не схільны заніжаць папулярнасць Лукашэнкі…) ацэньваў рэйтынг даверу «правадыру» ў 38,6%, а галасаваць за яго, паводле НІСЭПД, гатовыя былі 29,5%. Ясна, што «антыдармаедская» кампанія ў пачатку 2017 г. ды працяглае зніжэнне даходаў (няхай у апошнія месяцы спад і прытармазіў) адно абнізілі гэтую лічбу. Але «дэмактывістам» Гомеля не хапіла ведаў – а мо смеласці – паспрачацца з «аўтарытэтам». Чаму сярэдні ізраілец мае паводзіць сябе неяк іначай?

З дабраславення А. Шогама ў Радуні намячаецца «стварэнне цэлага турыстычнага комплекса побач з месцам пахавання вядомага яўрэйскага праведніка Хафеца Хаіма. Ён будзе ўключаць гасцявыя домікі, рэстаран кашэрнага харчавання, мікве (рытуальную лазню), краму сувенірнай прадукцыі, сінагогу, паркоўку для машын і аўтобусаў. Паводле ўмоў інвестыцыйнага дагавора аб’ект зойме амаль тры гектары зямлі, будзе пабудаваны цягам трох гадоў». Цікава, што падпісант дамовы з ізраільскага боку, Барыс Беразоўскі, раней кіраваў лазняй і кропкамі хуткага харчавання. Цяпер, падобна, вырашыў сумясціць тое і другое, прыправіўшы «страву» малельняй. Што называецца, пажывем-пабачым…

Не без скепсісу пазіраю на маштабныя праекты, якія рэалізуюцца паводле прынцыпу «мухі (палітыка) асобна, катлеты (эканоміка) асобна». Моцна на іх апёкся небезвядомы прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, які са студзеня сядзіць у беларускай турме, дарма што суд не прызнаў яго злодзеем. Да Барыса ж могуць прычапіцца нават за імя і прозвішча. Не, не хацеў бы «каркаць»… Зычу яму поспеху, і адсутнасць валасоў прадпрымальніку толькі ў плюс – у зносінах з чыноўнікамі можна будзе выдаць сябе за сына лейтэнанта Шмідта брата Лужкова.

Цешыць пашырэнне ізраільска-беларускіх культурных сувязей, а ў прыватнасці, гастролі ізраільскага ТЮГа Шауля Тыктынера, якія адбудуцца ў канцы верасня. Ізраільцы пакажуць рускамоўны спектакль «Марк Шагал. Апошні палёт».

Квіткі адносна недарагія. Калі верыць анонсу, 70-гадовы пан Тыктынер будзе выяўляць 98-гадовага Шагала, які рэфлексуе-спавядаецца на парозе смерці. Аналагічнае відовішча летась прапаноўваў мінчанам Сяргей Юрскі ў пастаноўцы паводле п’есы Зіновія Сагалава «Палёты з анёлам».

Папраўдзе, як мне здаецца, мясцовых гледачоў крыху «перакармілі» Шагалам (колькасць не пераходзіць у якасць), і нават усяжэрны Аркадзь Шульман пабурчэў на гэтую тэму ў інтэрв’ю. Дарэчы, падзівіцеся, які несамавіты, аблудны падыход да мінуўшчыны прадэманстраваў віцебскі выдавец: «У цэлым, з майго пункту гледжання, гісторыя – гэта зборнік міфаў і легенд. Але потым мінае час, і мы прымаем іх за рэальныя падзеі». Ну, зараз так модна…

Дваццаць пяць гадоў існавання прыватнага тэатра ў Ізраілі – гэта цуд і маленькі подзвіг. Хочацца, каб Тыктынер не расчараваў мінчукоў, як і мінчукі Тыктынера.

Да гастроляў – месяц, а неўзабаве нас чакаюць, магчыма, не менш цікавыя падзеі. Першага верасня ў рамках праекта «(Не)расстраляная паэзія» будзе вечарына, прысвечаная Юлію Таўбіну (1911-1937), яўрэю, які пісаў па-беларуску… Апрача лекцыі ды музычнай часткі, адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Таўбіна. Тут яго называюць «паэтам рэдкага таленту і на дзіва ранняй творчай сталасці, адной з найбольш недаацэненых постацяў у айчыннай літаратуры 20-30-х гадоў ХХ ст.».

Між іншага, як сведчыць Лявон Баршчэўскі, у друку знаходзіцца ўжо і зборнік паэтычных твораў Хаіма Нахмана Бяліка. Пан Лявон прыслаў нават выяву вокладкі…

І яшчэ адна добрая навіна ад таго ж Л. Баршчэўскага. Філолаг-педагог паведаміў, што «вучні Беларускага гуманітарнага ліцэю падчас чарговай летняй сесіі ў Варшаве два дні працавалі на прыборцы Варшаўскіх габрэйскіх могілкаў у межах міжнароднай валанцёрскай праграмы, у якой удзельнічае моладзь з Польшчы і дзясяткаў краін Еўропы… Працы там папраўдзе яшчэ вельмі і вельмі шмат. Могілкамі апякуецца варшаўская габрэйская абшчына. Ідэя паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі належала варшаўскаму Клубу каталіцкай інтэлігенцыі (КІК)».

Здымкі Наталлі Аляксандравай, 22.08.2017

Можна толькі вітаць такую ініцыятыву. Як і кур’ёз ад ружанскага палацавага комплексу, які ўплішчыў у сайт rozana.by ідыш-версію. Праўда, пераклад аўтаматычны, і далей за галоўную старонку не распасціраецца… Ды ўсё ж зарана, выходзіць, адзін расійскі бард 10 год таму спяваў «кончился идиш, вечная память».

Прынтскрын музейнай старонкі – спяшайцеся бачыць

Першага верасня – і працяг суда паводле пазову анархіста Мікалая Дзядка супраць «галоўнай прэзідэнцкай газеты», якая 29.05.2017 (у асобе нейкага Андрэя М.) шчодра паліла яго дзярмом. Як высвятляецца, іменна гэты былы палітзняволены для нападу быў выбраны таму, што «прозвішча смешнае». Як там у класіка? «Хто смяецца апошнім»?

Новаму кіраўніцтву «галоўнага яўрэйскага саюза», мяркуючы па гэтай публікацыі, хапіла глуздоў вывесці з праўлення Галіну Левіну, знакамітую найперш тым, што яна – дачка знакамітага дойліда, але не хапіла глуздоў (а можа, і смеласці) развітацца з Паўлам Якубовічам. Між тым прысутнасць такога «мацёрага чалавечышчы» проста цягне «яўрэйскі рух» на дно – папярэджваў жа ў 2015-м…

Сумна і тое, што інтэрнет-газета саюза цягне да сябе розную брыду з ідэалагічна павернутых крыніц, той жа «СБ». Нагадаю, сёлета ў ліпені памёр расійскі блогер, яўрэй Н-к, якому было крыху за 50. Ён часта і рэзка лупцаваў расійскія ўлады, ажно прэс-сакратарка МЗС РФ віртуальна плюнула яму на магілу. Напэўна, у жніўні беларусы і яўрэі абавязкова мусілі даведацца, што Н-к «памёр ад кардыяміяпатыі. Да гэтага прывялі няправільнае харчаванне і нездаровы лад жыцця. У апошнія гады блогер скардзіўся на здароўе і злоўжываў алкаголем»?! Гэткі недвухсэнсоўны сігнал для (патэнцыйных) крытыкаў істэблішменту: сядзіце ціха, а то і пасля вашай смерці раскажам urbi et orbi пра «шкілеты ў шафе»…

17 верасня «клуб аматараў Якубовіча» ладзіць чарговы «Дзень яўрэйскай культуры» ў Мінску, на плошчы Свабоды. Год таму мы з жонкай хадзілі – уражанні засталіся дваістыя, і я разумею тых скептыкаў, якія прагназуюць: «Зноў свіныя шашлыкі будуць смажыць, Грыша ўсім запар будзе даваць дакранацца да світка Торы…» З іншага боку, дзе многа яўрэяў, там не засумуеш.

Ніколі не пытаўся ў чытачоў парады, што рабіць, а зараз спытаюся: ісці? Не ісці?

Вольф Рубінчык, г. Мінск

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 29.08.2017  10:06

Leave a Reply