Зноў Этгар Керэт па-беларуску! / שוב אתגר קרת בבלארוסית

Лiст ад памочнiцы Этгара Керэта (пераклад з іўрыта)

Вітаю, Арон!

Тут я прычапляю новае апавяданне Этгара, якое ён папрасіў Вам адправіць. Называецца “Радасныя дні народзінаў” (а па-англійску – “Birthday Buyer”). Этгар спадзяецца, што яно прыйдзецца даспадобы, што Вы захочаце яго перакласці і апублікаваць на сайце.

Хамуталь

Фота з афіцыйнай фэйсбучнай старонкі пісьменніка

* * *

Этгар Керэт. Радасныя дні народзінаў

Жыў-быў адзін багаты чалавек. Надта багаты, а некаторыя казалі, аж занадта. Некалі ён нешта вынайшаў або скраў вынаходства, але гэта было так даўно, што ён і сам не памятаў, калі. Аднак вынаходства ён прадаў буйному сіндыкату за каласальную суму, і на ўсе грошы купіў зямлі ды вады. На зямельцы багатыр пабудаваў безліч маленечкіх бетонных клетак, якія прадаў людзям, што праглі сценаў і даху, а ваду папакаваў у бутэлькі і прадаваў сасмяглым. Скончыўшы распродаж па раздзьмутых цэнах, ён пайшоў у свой аграмадны і вельмі пекны дом і пачаў думаць, што яму рабіць з усімі заробленымі грашыма. Зразумела, ён мог бы падумаць і пра тое, што яму рабіць са сваім жыццём, аднак людзям, заваленым багаццем, часам цяжка пра гэта думаць. Яны вымушаныя меркаваць найперш аб тым, што купіць або прадаць, і толькі потым – аб сваім жыцці.

Ну вось, багатыр усеўся ў сваім здаравезным доме і паспрабаваў падумаць пра рэчы, якія можна набыць па прымальнай цане, а потым перапрадаць даражэй, а таксама пра іншае, што магло б проста прынесці яму радасць. Ён-такі быў адзінокі, і яму карцела мець рэчы для ўцехі. Самота вынікала не з таго, што ён быў непрыгожы – укрывай Бог! Ён быў вельмі прыгожы і ветлы, многа хто шукаў яго кампаніі. Аднак праз сваю чуллівасць і недаверлівасць багатыр думаў, што людзі шукаюць яго кампаніі не проста так, што яны хочуць дастаць ад яго грошай. Таму ён зрабіў свой выбар – трымацца ад усіх наводдаль.

Насамрэч ён не памыляўся ў сваіх думках. Усе людзі вакол яго, за выняткам аднаго, жадалі зблізіцца з ім дзеля грошай. Ім не хапала на жыццё, або яны лічылі, што ім не стае, а ў той жа час верылі, што ў багатыра грошай занадта. Усе людзі з яго атачэння, апроч аднаго, верылі, што, калі багатыр адсыпле ім крыху грошай, то з ім нічога не зробіцца, а іхняе жыццё зменіцца напоўніцу. Усе, апроч аднаго, дый гэты адзін, зусім не зацікаўлены ў грошах багатыра і ў будучыні, якую мог бы на іх купіць, скончыў самазабойствам.

Багатыр ляжаў на белай мармуровай падлозе ў салоне свайго дома і шкадаваў сябе. Квітнела вясна, мармуровая падлога халадзіла яго цела, аднак ён усё адно шкадаваў сябе і шкадаваў. Чалавек разважаў: «Добра было б мець у гэтым свеце штосьці, чаго б я прагнуў, што несла б мне шчасце. Штосьці такое, чаго б іншы мусіў дамагацца ўсё жыццё, а я б купіў, дый годзе». Але нічога такога не прыйшло яму ў голаў.

І вось так ляжаў ён, ляжаў на халаднаватай падлозе цэлых чатырох дзён, пакуль у яго не забомкаў мабільны. На лініі была яго мама, яна пазваніла, каб пажадаць сыну шчаслівага дня народзінаў. Яна была ўжо вельмі старая, і клетак памяці ў ейным мозгу налічвалася так мала, што яна захоўвала ў іх толькі найважнейшыя даты, а таксама імёны памерлых родзічаў.

Багатыр быў рады пачуць віншаванне ад маці, з другога канца лініі. Ён яшчэ не скончыў размову, як нехта пазваніў у дзверы. На парозе стаяў пасыльны ў матацыклетным шаломе, які ўручыў багатыру букет духмяных кветак. Да кветак прыкладалася цыдула з пажаданнямі. Той, хто паслаў яму кветкі, быў непрыемнай асобай, але ж кветкі былі прыемныя, і яны яшчэ больш узрадавалі багатыра. Уся гэтая радасць падштурхнула задумацца: калі дзень народзінаў гэтак яго цешыць, то чаму ён мае задавальняцца адным днём народзінаў за год?

Багатыр вырашыў апублікаваць пышную аб’яву ў газеце і прапанаваць людзям куплю іхніх дзён народзінаў… Дакладней, не саміх дзён, бо гэта не ўяўлялася магчымым, а ўсяго, што ім спадарожнічала: падарункаў, віншаванак, вечарын… Плён ад публікацыі аказаўся неверагодны. Магчыма, справа была ў кепскім стане эканомікі або ў тым, што людзі не надавалі сваім дням народзінаў вялікага значэння. Як бы ні было, менш чым за тыдзень багатыр амаль запоўніў свой нататнік – у кожны з дзён яго чакала новае свята.

Прадаўцы дзён народзінаў збольшага паводзілі сябе прыстойна, акрамя аднаго старога: гэты хітрун спрабаваў прыхаваць колькі вільготных пацалункаў і вычварны малюнак поля з кветкамі, якія атрымаў ад унукаў. Усе астатнія паважалі ўгоду і літаральна яе выконвалі, перадаючы багатыру ўсё належнае. Так што не было патрэбы ні ў пагрозах, ні ў судовых пазовах.

І выйшла так: штодня наш герой атрымліваў мноства душэўных тэлефонных званкоў, калі яму жадалі шчасця. Розныя незнаёмыя дзеці і старыя спявалі яму па тэлефоне «Хэпі бёздэй ту ю». Скрынка для электроннай пошты была таксама перагружана віншаваннямі, а запакаваныя падарункі без супыну паступалі ў яго дом. У багатыра заставалася яшчэ некалькі «фортак» у календары, перадусім у раёне лютага, аднак яго людзі запэўнівалі, што гэта толькі пытанне часу, што адкрытыя даты ў хуткім часе таксама будуць закрыты.

Багатыр адчуваў сябе шчаслівым. Праўда, у газеце з’явіўся артыкул нейкага наіўняка, які выступіў супраць набыцця дзён народзінаў, назваўшы гэткую практыку амаральнай, але нават гэта не магло сапсаваць цудоўнага багатырскага настрою. У той дзень ён якраз святкаваў за адну васемнаццацігадовую; сяброўкі ейныя моцна хваляваліся і з палымянымі сэрцамі зычылі яму ўсяго найлепшага. Гэта прымусіла яго адчуць: будучыня адкрытая, цуды яшчэ ўперадзе.

Выдатная, грандыёзная была эпоха, але першага сакавіка яна скончылася. Першага багатыр меў права на дзень народзінаў аднаго сварлівага ўдаўца, аднак, прачнуўшыся ранкам, усвядоміў, што не атрымаў ні віншавальнай карткі, ні сардэчнага званка па тэлефоне. Багатыр адчуў сябе трохі падманутым, але пастанавіў не паддавацца пачуццям, выціснуць штосьці і з гэтага дня. Ён зноў зірнуў у свой нататнік і ўбачыў, што менавіта першага сакавіка адзіны чалавек, які ад яго нічога не хацеў, наклаў на сябе рукі. Багатыр вырашыў паехаць на могілкі. Апынуўшыся ля магілы мёртвага таварыша, ён заўважыў там яшчэ мноства людзей, якія прыйшлі на памінальную службу. Яны рыдалі, абдымаліся, клалі на магілу пунсовыя кветкі, і канца іхняй тузе па нябожчыку не было відаць.

Багатыр падумаў: «Нешта ў гэтым ёсць. Можа, я буду купляць у людзей і дні памяці… Не ў саміх нябожчыкаў, у іхніх нашчадкаў. Тады я змагу паставіць ля магілы ложак, пакрыты матавым шклом (ну гэтае, з аднабаковай бачнасцю), легчы ў яго і слухаць, як людзі плачуць і тужаць па мне».

Гэта была цікавая ідэя, але багатыру яна не прыдалася. Ён памёр ужо на ранку наступнага дня, і як многія з яго радасцей апошняга часу, яго смерць, па сутнасці, адрасавалася іншаму. Яго цела знайшлі сярод пашкуматаных пакункаў з падарункамі, якія ён атрымаў да дня народзінаў аднаго кволага рэвалюцыянера. Пазней высветлілася, што сярод падарункаў хаваўся адзін замініраваны, пасланы злавесным дыктатарскім рэжымам.

На пахаванне багатыра прыйшлі тысячы людзей. Усе прысутныя хацелі яго грошай, але, тым не менш, вельмі яго любілі. Не адну гадзіну прамаўлялі яны развітальныя словы, спявалі маркотныя песні і клалі ў адкрытую магілу каменьчыкі. Гэта было настолькі кранальна, што нават кітайскі мільярдэр, які набыў правы на пахаванне ў нашчадкаў багатыра і назіраў за ўсім са шкляной камеры з-пад магілы, пусціў слязу.

Пераклаў з іўрыта Вольф Рубінчык, у Мінску

Ад рэд. belisrael.info. Скора апублікуем пераклады на англійскую і на рускую, чаму не?

Апублiкавана 08.08.2017 18:20