Віталь Станішэўскі пра Ізраіль

Ад рэд. Некалькі месяцаў таму Віталь Станішэўскі, лінгвіст і прадпрымальнік з Мінска, наведаў Ізраіль, а нядаўна ён падзяліўся з намі сваімі думкамі ды ўражаннямі. Яны шмат у чым не стыкуюцца з назіраннямі іншага нашага аўтара-мінчаніна; чытачам, вядома, застаецца выбіраць тое, што ім бліжэй.

ПАДСУМУЮ СВАЕ ЎРАЖАННІ…

Вось што ўразіла з пункта гледжання тэмы ўзнаўлення нацыянальнай дзяржавы з нуля:

– Шчыльнае моўнае асяроддзе аж да моўнага бар’еру. Собіла ж мне паехаць туды без базавых ведаў іўрыта. Многія не разумелі англійскай, у такіх выпадках даводзілася камунікаваць ледзь не на мігі.

– Даведаўся ад экскурсавода, што назва горада Тэль-Авіў (“Узгорак вясны”) узята з назвы іўрыцкага перакладу кнігі “Старая новая дзяржава” Тэадора Герцля, якая выйшла раней за кнігу “Яўрэйская дзяржава” (насамрэч на 6 гадоў пазней. – belisrael.info). То-бок: горад названы ў гонар кнігі. Як нейкая ідэя і кніга можа захапіць людзей – гэта ўражвае!

 

– Таксама ад экскурсавода: вялікі мегаполіс Тэль-Авіў быў заснаваны першымі 60 сем’ямі пасяленцаў. Што такое 60 сем’яў? Практычна сяло. Але вось яскравы прыклад, ува што можа перарасці такое сяло пры стараннай працы і матываванасці.

– У Іерусаліме звярнула ўвагу тое, што ў Старым горадзе ёсць яўрэйскія кварталы. Таму-сяму гэта можа здацца парадоксам. Як гэта – яўрэйскія кварталы ў яўрэйскай жа дзяржаве? Але ўсё лагічна. Гэта гістарычна склалася, і там жа ёсць кварталы іншых нацыянальнасцей. Але ніхто не абураецца, нібыта яўрэі загналі самі сябе ў рэзервацыю на сваёй жа зямлі. Ніхто не лічыць гэта прыніжальным. Як я лічу, у Беларусі людзям, прыязным да беларушчыны, варта гуртавацца таксама, не саромеючыся, нібыта гэта вельмі мала і гэта ніжэй іх годнасці. Галоўнае – каб датрымліваўся свой стандарт.

– У музей і на магілу Герцля не трапіў, прыехаў к закрыццю. А на наступны дзень мусіў ад’язджаць. Варта зазначыць, аднак, што яўрэі ўшаноўваюць сваіх герояў і лідараў годна. Знітаваная народная памяць ва ўсім.

– Яшчэ Ізраіль уразіў сваёй дагледжанасцю і ўпарадкаванасцю. Вось зусім нядаўна ты назіраў з ілюмінатара пустыню і горы, потым праляцелі мора, і пачынаецца зеляніна, роўныя дарогі, хмарачосы. А кліматычная зона не змянілася, экватар стаў бліжэйшы. Таксама добрая ілюстрацыя таго, як можна стварыць паспяховую краіну праз старанную працу і веру ў поспех.

Магу яшчэ дадаць наконт простых рэчаў, пра жыццё:

У Тэль-Авіве ўразіла, як шмат лётае людзей на роварах. Проста лётаюць! Едучы на машыне, адчуваеш гэта, перад машынай шыбуюць. Як рэагуюць вадзіцелі? Ды ніяк, спакойныя, прывыклі. У нас бы аблаялі адразу. Затое, у выразах наконт братоў-аўтамабілістаў тэль-авіўцы не саромеюцца. Ад аднаго пачуў запазычанне “абанамат”.

У Тэль-Авіве заўважныя геі. То бачыш нейкую парачку хлапцоў на Задыякальным мосце, якія абдымаюцца, а калі прыглядзецца, то яшчэ і шчаку цалуе адзін аднаго. То сцяг з вясёлкай вісіць з акна. То хлопчыкі субтыльнай знешнасці і ў не надта мужным адзенні… Крыху шакіруе з улікам таго, што на чале ўтварэння Ізраіля стаялі артадаксальныя вернікі і ўвогуле іўдаізмам прасякнута жыццё яўрэяў. Зрэшты, артадаксальнасць нікуды з Тэль-Авіва не дзявалася. Помніцца навіна з прэсы, калі артадокс напаў з нажом на ўдзельнікаў гей-параду ў Тэль-Авіве, фатаграфія яго з барадой і пейсамі, як яго вядзе паліцыя (хутчэй за ўсё, аўтар мае на ўвазе інцыдэнт у Іерусаліме 30 ліпеня 2015 г. – рэд.).

У Тэль-Авіве віруе начное жыццё, шмат начных клубаў. Забаваў хапае. Ідзеш па ўзбярэжжы, раптам чуеш барабаны. Гэта нейкі самадзейны гурт ці проста група таварышаў (не распытваўся) зладзіла шоу для людзей. Пасядзеў, паслухаў.

А яшчэ Ізраіль – гэта цяпло. Вылятаў у лістападзе, калі ў Беларусі быў нават мароз. Прыляцеў у вясновую цеплыню. Таксама прыемна.

Ізраіль – гэта вайскоўцы і абарона. З чыгуначных станцый проста так не выйдзеш, проста так туды не зойдзеш. Цягнік у горадзе едзе па “жолабе”, выхад на станцыю праз эскалатар. На станцыях металічныя роль-шторы, адчыняюцца для пасажыраў пры пасадцы і высадцы. На станцыях і на аўтавакзале рэнтгены, правяраюць рэчы.

У нядзелю бачыў шмат вайскоўцаў з аўтаматамі. Мясцовыя ў Тэль-Авіве так і казалі, маўляў, убачу шмат вайскоўцаў, як паеду ў Іерусалім, бо вяртаюцца ў казармы з пабыўкі (на шабат адпускаюць). Так ці інакш, мноства людзей з аўтаматамі крыху трывожыць напачатку, нібыта ваеннае становішча ці надзвычайная сітуацыя. У Ізраілі службу праходзяць і дзяўчаты, таму паглядзеў ужывую на маладых ізраільскіх аўтаматчыц.

Сцяна плачу – таксама ўражанні. Час ад часу да яе падыходзяць тыя ж жаўнеры з аўтаматамі і моляцца. З левага боку цёмная галерэя ці праход, поўны іўдзеяў у іх кананічным адзенні. Яны моляцца. Некаторыя разгойдваюцца. Ля сцен – кнігі. “Гатычна”, зачароўвае. Нібы творыцца таінства.

У Іерусаліме могуць і падмануць небараку-турыста. Напрыклад, таксісты. Або здалёк ты бачыш, як у Старым горадзе самотнага разяваку абступае тройка людзей у касцюмах, першы амаль прымусова вітаецца за руку, двое па баках нешта гавораць, першы прыстаўляе кніжачку да галавы разявакі, двое па баках нешта гавораць, гавораць. Разявака дае кожнаму па купюры, галоўны дае яму штось чырвонае (тыя самыя чырвоныя ніткі, відаць). Усё адбываецца пару хвілін, і тройка пакідае турыста, разасяроджваючыся па прасторы. Турыст ідзе пару крокаў, спыняецца, азіраецца, нібы пытаючыся “Што гэта было?” (так свае тавары, у прыватнасці, «чароўныя» ніткі, звычайна распаўсюджваюць кабалісты. – belisrael.info).

Назад ты ляціш з ізраільцянінам, які таксама спяшаецца на мінскі самалёт. Стыкоўка кароткая, мы паспяваем. Разгаворваемся (па-англійску). Расказваю яму пра нахабных таксістаў, ён абураецца, як псуюць імідж краіны такія паскудныя людзі. У аэрапорце яго сустракае нявеста. О, якая хватка і напорыстасць у маёй зямлячкі. Яна вырашае ўсе яго пытанні і дае распараджэнні. А ізраільцянін такі лагодны. Вось такія розныя людзі ў народзе Ізраілевым.

Ніжэй – некаторыя цытаты з маіх артыкулаў, дзе я закранаю збудаванне Ізраіля, ролю Герцля і яўрэяў.

Да ідэі беларускамоўнага арэала

Тэадор Герцль напісаў “Яўрэйскую дзяржаву” (беларускі пераклад ужо ёсць, пакуль чарнавы), гэты твор дапамог у стварэнні рэальнага Ізраіля. Там апісаны розныя крокі. Аснова падобных захадаў – аб’яднанне людзей у грамаду, якая прагне супольнага жыцця ў сваёй культуры, капітал і пэўная суверэннасць тэрыторыі. Ад сябе дадаў бы, што пры адсутнасці суверэннасці мусіць быць унутраны стрыжань і пасіянарнасць, каб не паддавацца вонкавым уздзеянням, салідарнасць і пачуцце локця. Таксама, паводле Герцля, мусіць быць гаспадарчая дзейнасць, людзі мусяць неяк жыць і выжываць на месцы пасялення.

Паводле Герцля, пачынаць мусяць самыя бедныя і абяздоленыя, якім няма чаго губляць і якія маюць шанс палепшыць на каліва сваё становішча. Ідышамоўныя паселішчы ў ЗША пачыналі з пары дзясяткаў сем’яў. Пры гэтым колькасць носьбітаў ідышу цяпер каля 200 тыс. людзей. Тэль-Авіў таксама пачыналі пару дзясяткаў сем’яў. Мільён – завоблачная лічба.

Пакажыце мне беларускамоўную вёску, я буду рады. Зрэшты, вось Свабода пісала пра Ручаёўку, а Гурневіч – пра Налібакі. Пашыраць тое, што ёсць, інакш праект аўтаноміі і застанецца праектам.

Багатыя і не такія апантаныя будуць з радасцю фінансаваць паляпшэнне галотай сваіх жыллёвых умоваў? – Калі агульная справа і агульны капітал на такое прадпрыемства, то так. Потым, у той жа “Яўрэйскай дзяржаве” апісана і тое, як галота ўсё адпрацуе потым, і тое, як адбудзецца маёмасны абмен, у выніку страт не будзе ці будуць мізэрныя.

Запасны план для неасіміляваных беларусаў

Многія народы доўгія часы жылі без сваёй дзяржавы. Напрыклад, яўрэі ці цыганы. Цяпер і неасіміляваныя беларусы адчуваюць сябе нібы без дзяржавы, бо цяперашняя дзяржава – намінальная і залежная ад фактычнага стану большасці грамадзян, утворанага за дзесяцігоддзі. У гэтых умовах трэба ўсю адказнасць за свой лёс ускласці на саміх сябе, як яе ўскладалі яўрэі і цыгане.

Але, шчыра кажучы, мы, неасіміляваныя, не маем нават і гэтага. Напрыклад, сутнасцю сіянізму (перасялення яўрэяў у Ізраіль) было “перасаджванне” той цывілізацыі, якая склалася ў яўрэяў сярод іншых народаў, у новую краіну. Як дрэва разам з каранямі, перасаджвалася інфраструктура паселішчаў і гандлю. У цыганоў ёсць свае пасёлкі, а калі іх няма – у іх ёсць свае рухомыя табары. Некалі свайго былі пазбаўлены крымскія татары, іх дэпартавалі. Але яны згуртаваліся і вярнуліся. І крымскія татары рэгулююць сваё жыццё не праз дзяржаву Крым, а праз свой Меджліс. Вось такая іронія лёсу, у татараў таксама ёсць сваё адзінае дзяржаўнае ўтварэнне, але іх самазахаванне вырашаецца праз іншы механізм.

Беларускамоўныя, гуртуймася

Калі будзем туліцца адно да аднаго, рабіць справы разам, жыць разам – то сцвердзім сваю прысутнасць і сваё права. Гэта будзе не ізаляцыя, а стварэнне цэнтра ўплыву, ядра. У той жа Амерыцы ёсць і індзейскія рэзервацыі, і кітайскія чайнатаўны. Розніца ў тым, хто стварае і для чаго стварае, а таксама ў тым, адчуваеш ты сябе гаспадаром ці ахвярай. Лепш узгадаць яўрэйскія кварталы ў Старым горадзе Іерусаліма. Яўрэі ў сваёй краіне, у сваім горадзе – і пры гэтым у асобным квартале. І ніхто не кажа пра гета ці канцлагер, хаця яўрэі ведаюць пра гэта нашмат болей.

Сацыяльна-тэрытарыяльнае ядро захаваных беларусаў: бізнес-асяродкі

Тэадор Герцль, айцец сіянізму і аўтар “Яўрэйскай дзяржавы”, пісаў пра здабыццё суверэннай тэрыторыі, на якой можна будаваць новае грамадства з нуля. У нашым выпадку пачаткам будавання беларускамоўнага грамадства мусіць стаць супольнае набыццё ва ўласнасць у першую чаргу – гандлёва-дзелавой нерухомасці, у другую – жыллёвай нерухомасці. Жыллёвая нерухомасць найперш мусіць прызначацца для працаўнікоў гандлю, каб быў стымул яе набываць, каб не было рызыкі заўчаснай траты грошай. Потым жыллёвую маёмасць можна здаваць у арэнду ці прадаваць захаваным беларусам, што падзяляюць прынцыпы беларускамоўнага арэала. Такім чынам кола замыкаецца, беларускамоўны арэал творыцца на тэрытарыяльным і сацыяльным узроўнях.

Віталь Станішэўскі, г. Мінск

Апублiкавана 04.08.2017  16:35

Leave a Reply