А. Астраух о еврейском фольклоре

“Саветы загадалі нам быць вясёлымі і шчаслівымі…”

***

Di sovetn hobn gehejsn frejlix zajn,

Di sovetn hobn gehejsn lustig zajn,

Di sovetn hobn gehejsn gliklix zajn.

 

Di sovetn hobn gehejsn frejlix zajn,

Iz lomir, brider, frejlix zajn.

Di sovetn hobn gehejsn gliklix zajn —

Iz lomir, švester, frejlix zajn.

 

Di sovetn hobn gehejsn frejlix zajn,

Iz lomir ale gliklix zajn.

Di sovetn hobn gehejsn lustig zajn,

Iz lomir nemen a bisl vajn.

 

Di sovetn hobn gehejsn lustig zajn,

Iz lomir gejn a tencl fajn.

Di sovetn hobn gehejsn frejlix zajn,

Iz lomir zingen a frejlixs fajn.

 

Di sovetn hobn gehejsn lebedik zajn,

Iz lomir ale frejlix zajn.

Di sovetn hobn gehejsn lustig zajn,

Iz lomir gejn a tencl fajn.

 

Lebn zoln di sovetn.

Lebn zol di partej.

Di sovetn hobn gehejsn lustig zajn,

Iz lomir ale gliklix zajn.

(…)

Jankev Šejnin, Moskve, 01.02.1959.

Менавіта ў зіму 59-га года, калі мая матуля, цяжарная мною, ужо жыла з маім бацькам і гадавалым старэйшым братам Ляксеем на ўскрайку Вузды, у Закрэўшчыне, Якаў Абелевіч Шэйнін у далёкай Маскве запісаў гэтую, напэўна, народную песню. Але ж Масква не была такой далёкай для маёй сям’і, таму што ў Падмаскоўі, у Моніна, у 1956 годзе тэхнік лётнай часткі Міхась Астравух і працаўніца прадзільна-ткацкай хвабрыкі Маруся Шчадрывая пазнаёміліся і вырашылі пабрацца…

Але пра песню:

«Саветы загадалі нам быць вясёлымі і шчаслівымі, а як загадалі, дык мы, браты, сёстры, гараджане, усе…, мусім быць вясёлымі і шчаслівымі… Мы будзем танчыць файныя танцы і спяваць файныя песні… Хай жывуць саветы, хай жыве кампартыя!..»

Хто жыў “за саветамі”, таму не патрэбны пэўныя тлумачэнні сэнсу гэтых слоў, а хто ня жыў, таму гэтага нельга патлумачыць. Зусім невялікая меншасць люду магла сабе дазволіць кроплю іроніі, сарказму альбо цынізму ў бок “будаўніцтва камунізму ў асобна ўзятай краіне”, большасць жа шчыра і самааддана ў нешта спрабавала паверыць…

Ды ў словах гэтай песні ёсць і невялікае адхіленне: Як саветы загадалі нам быць вясёлымі, дык мы вып’ем па чарцы віна… Гэты радок ужо меў пах “крамолы”, надта ён нагадваў традыцыйную абрадавую вясельную песню “Lomir ale inejnem… trinken a bisele vajn”, у якой якраз названыя тыя, за якіх усё ж варта выпіць чарку віна: Бацька, Маці, Малады, Маладая, Сват, Госці… але якія нічога агульнага ня маюць з “кампартыяй”.

Трэба адзначыць, што згаданую вясельную песню разам з іншымі 111 народнымі песнямі Якаў Шэйнін запісаў яшчэ ў 1910-11 гадох, але не ў Маскве, а на ўскраіне Віцебска, у “Рабочых Слабодках”. Гаворка ідзе аб песнях на ідышы, на мове аднэй з “нацменшасцяў”, тады яшчэ ў Расейскай Імперыі званай па-тутэйшаму “жыдамі”, а пасля 1917 года ў “Савецкай Імперыі” пераўтворанай у “яўрэяў”. А ў апошнія 20-25 год узнік яшчэ адзін нэалагізм — “габрэі”.

Безумоўна, Якаў (у 1910 годзе ён быў яшчэ Янкеў) Шэйнін у той час ня мог прадбачыць, што Віцебск будзе ў складзе Савецкай Беларусі, аднэй з рэспублік СССР, а ідыш будзе ў БССР аднэй з дзяржаўных моваў з 1920 аж па 1938 гг. Насамрэч гэта была няўдалая спроба ўзвесці паняцце “нацменшасці” ў ранг “раўнапраўя”… У былым Саюзе ўсё скончылася лютым дзяржаўным антысемітызмам, шматступенчатымі рэпрэсіямі і спробамі татальнага вынішчэння спярша іўрыту разам з юдаізмам, а пасля і ідышу разам з юдэямі, з жыдоўскай інтэлігенцыяй ад паэтаў да лекараў… Ня мог таксама прадбачыць Янкеў Шэйнін, што пагромы ў Расейскай Імперыі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя — гэта толькі малая кропля чалавечае крыві, якая ў ХХ стагоддзі залье гіганцкую прастору ад Атлантыкі да Ціхага акіяну, ад Гішпаніі да Японіі… Больш паловы стагоддзя фашызм, нацызм, камунізм, сталінізм будуць сінонімамі антысемітызму, шавінізму, генацыду… Будзе зроблена ўсё, каб паняцці юдаізм, Тора, габрэй, хасід, іўрыт, ідыш, школа (сінагога), хедар, ешыва… цалкам былі сцёртыя з чалавечай свядомасці. Але… Бог не папусціў…

З упэўненасцю можна казаць пра тое, што зусім ня будучае “ўдзяржаўленне” мовы ідыш сталася “матывацыяй” цікавасці Янкева Шэйніна да фальклору на ідышы — за сем год да рэвалюцыі гэтага прадбачыць яшчэ было нельга. Можа, каб зразумець, чаму гэты чалавеча задаўся мэтаю занатаваць тады яшчэ паўсюдна гучаўшыя спевы, трэба ўзгадаць прыклад яшчэ аднаго жыда — Нэяха (Паўлы) Шэйна, фалькларыста-піянэра, які сваё цяжкае жыццё ахвяраваў на збіранне нават не жыдоўскага, але беларускага фальклору… “Нямоглы калечка” на мыліцах прыскакаў з Магілёва ў Маскву, пасябраваўся з паэтамі Хведарам Мілерам, Хведарам Глінкам і нават з… Львом Талстым, мусіў зьмяніць рэлігійную прыналежнасць, з юдаізму ў лютэранства, перакінуўся з Нэйяха ў Паўлы, выцураўшыся свае магілёўскае сям’і, правалэндаўшыся ментарам па Цверскай губерні, з Масквы трапіў у Берлін, дзе й пазнаўся з братамі Грым, нарэшце трапіў у Віцебск настаўнікам нямецкай мовы ў гімназіі… Паўла Шэйн быў аб’ехаўшы ў фальклорных экспедыцыях пяць беларускіх паветаў. Трэба дадаць, што Паўла Шэйн за сваю этнаграфічную дзейнасць атрымаў Увараўскую прэмію Акадэміі навук і залатога медаля, але Якаў Шэйнін за тое самае мог атрымаць толькі “Сталінскую пуцёўку ў ГУЛАГ”… Stalins feste, libe hant iz undz alemen bakant (прыказка на ідышы: “Сталінская цвёрдая, любая рука ўсім нам добра вядомая”). Насамрэч, справа тут ня столькі ў сугучнасці прозвішчаў і прыналежнасці да акрэсленай меншасці, колькі ў агульным прадчуванні пэўных гістарычных зменаў, беззваротнай страты ўсталяванага жыццёвага ладу, чалавечых і моўных катастрофаў XX стагоддзя.

Гэтай працы спрычыніліся шмат хто ў ХІХ-ХХ стст., цэлая чалавечая чарада: браты Грым у Германіі, Уладзімер Даль, Аляксандар Афанасьеў у Расеі, Володымыр Гнатюк, Клымэнт Квітка ва Ўкраіне, Іван Насовіч, Напалеон Орда, Ян Федароўскі, Яўхім Карскі, Бенедыкт Тышкевіч, Ісак Сербаў, Ян Булгак, Рыгор Шырма… ў Польшчы і Беларусі… ці мала хто яшчэ — фалькларысты, пісьменнікі, музыкi, мастакі, фатографы…

Каб запісаць ідышныя песні, Янкеву Шэйніну спатрэбілася два гады, але ўсё астатняе жыццё гэтай Асобы беззваротна было патрачана на марныя спробы надаць гэтым тэкстам належны выгляд, выдаць іх асобнай кніжкай, давесці да грамадзкай свядомасці іх надзвычайную каштоўнасць.

На жаль, мы ня маем поўнага збору песень, зробленага Шэйніным. Да таго ж мы ня ведаем усяе гісторыі, звязанай са спробамі выдаць гэтыя песні асобным зборнікам. І толькі па існуючых разрозненых тэкстах і вырваных з кантэксту дакументах, нібыта па шкельцах разбітага люстэрка, мы паспрабуем рэканструяваць гэтую вартую ўвагі гістарычную выяву.

Першае, што кідаецца ў вочы ў архіўным зборы Якава Шэйніна, гэта тое, што старонкі рукапісаў, якія былі зроблены ў Віцебскіх Слабодках, маюць даты — 1910-1911 гг. Таксама датаваныя два лісты: 4 красавіка 1958 г. — у Дом Народнай Творчасці ў Маскве, і 18.03.1959 г. — у Міністэрства Культуры СССР; і артыкул “Шолом-Алейхем в Витебске в 1908 году (к 100-летию со дня рождения 2 марта 1959 года)” — 20.03.1959 г.; і ўжо цытаваная песня “Di sovetn hobn gehejsn frejlix zajn” — 01.02.1959. Можна з упэўненасцю казаць пра тое, што і артыкул О еврейском фольклоре быў напісаны разам з ягонымі лістамі ў Міністэрства культуры ў 1959 г. У артыкуле з глыбіні, праз састарэлую “савецкую” патэтыку, зерыць твар сапраўднага знаўцы фальклору, самаадданага Чалавека, які праз крывавае ліхалецце здолеў захаваць у сабе чысціню народных спеваў.

Паміж першай і апошняй датамі бяз году паўстагоддзя і вялікая колькасць рукапісных і машынапісных тэкстаў — песні некалькі разоў перапісваліся, была зроблена кірыліцай і лацінкай транскрыпцыя асобных тэкстаў, было некалькі спробаў зрабіць і пераклады. Напэўна, у розныя часы аўтар спрабаваў зрабіць і класіфікацыю сабраных твораў:

 

  1. Песни любви
  2. Песни нужды
  3. Бытовые песни
  4. Свадебные песни
  5. Танцы
  6. Песни без слов «А нигн»
  7. Легенда «История одного мотива» и др.

 

  1. Революционные песни
  2. Песни 1905 года
  3. Песни нужды
  4. Бытовые песни
  5. Свадебные песни
  6. Песни любви
  7. Танцы
  8. Песни без слов, «А нигн» и др.

 

  1. Песни нужды
  2. Песни революционные
  3. Песни подпольные
  4. Песни 1905 г.
  5. Свадебные песни
  6. Песни любви
  7. Бытовые народные песни

Трэба зазначыць, што ў саміх песенных тэкстах Якаў Шэйнiн часам класіфікацыю пашырае: Их гоб зих фарлибт (Еврейская лирическая народная песня), Магабай (Юмористическая песня), Гоб их мир а вайбеле (еврейская юмористическая песня), Гот гот башафн (Бог создал небо и землю) (юмористическая), але ў другім перакладзе той жа песні — (народн. песня-легенда)

Нават простае супастаўленне гэтых трох спісаў дае магчымасць убачыць, як няпроста было Якаву Шэйніну знайсці нішу свайму твору… Ён мусіў штораз змяняць тэматычную паслядоўнасць сабраных ім твораў, ператасоўваў песні, ахвярна пазбаўляўся рэлігійнай часткі збору песень, спрабаваў увесці новую “пострэвалюцыйную” тэрміналогію: “царь-кровопийца”, “богач-кровопийца”, “буржуйчик-пиявка”, “национально-торгашеская буржуазия”… — усё ў адпаведнасці з запатрабаваннямі часу… 1920-я, 1930-я, 1950-я гг. Ягоны збор песень так і ня быў апублікаваны ў СССР. Не падтрымала Міністэрства культуры СССР і ідэю стварэння хора еврейской народной песни, марным было спадзяванне Якава Шэйніна на тое, каб “еврейский фольклёр [sic] вошёл в общую всесоюзную семью фольклёров всех национальностей Советского Союза”. Хаця ў 1961 г. у Маскве з’явіўся ідышны часопіс “Саветыш Геймланд” (“Савецкая Радзіма”), які ўсё ж друкаваў сёе-тое з яўрэйскай спадчыны.

Але вернемся да песні Гот гот башафн (Бог создал небо и землю). На гэтай песне, на аўтарскіх спробах яе перакладу і яе адпаведнай класіфікацыі варта было б спыніцца. Відавочна, што крыніцай гэтага тэксту з’яўляецца зусім не “народны гумар”, і нават не “народная легенда”. Гэта тэкст Торы (Пяцікніжжа Майсея) — асноўнай законатворчай кнігі кожнага пабожнага габрэя, сутнасці светапогляду юдаізму. Безумоўна, гэтая песня мае належаць да рэлігійных альбо рытуальна-абрадавых спеваў:

איז גאָט אַראָפּגעקומען

…צום שלאַנג מיט גרייס קימען

,אַך, דו בייזער שלאַנג

?וואָס טוסטו דאָ געפינען

אַף דייַן בלייזן בוּיך

.זאָלסטו שווימען

Бог снизошел на змею с гневом…

— Ах, ты злая гадюка,

Кого ты здесь нашла?

На животе ты будешь ползать,

На животе плавать…

У перакладзе другой песні “Mit di reder” аўтарам рэвалюцыйна-рашуча выразана сярэдзіна тэксту, якая раскрывае сутнасць паняцця “Idiškajt” — “Габрэйства”, зразумела, што гэты тэкст не пасаваў ідэалагічным устаноўкам “саветаў”:

,האַלט זשע שטאַרק דעם נאָמען ייִד

,און היט די צען געבאָטן

,דו לערן זיך און לערן זיך, און זייַ ניט מיד

.און האָף, מייַן קינד, צו גאָט

,דו האָסט, מייַן קינד

,סאָנים אַ סאַכן

וואָס קענען זיי

?!מיט דיר מאַכן

,אַז אָן גאָט ווערט קייַן זאַך ניט געטאָן

,ווער טוט וואָס אָן זייַן יעדיִע

,צי האָט איר געזען דעם סאָף פון האָמענען

?!געגאַנגען אַף דער טליִע

,די הייכע לייטער מיט די ווילדע טרעפּ

,וווּ מען גיט נאָר אַ קוק בליק

און דער מענטש וואָס שטייט דיר אונטן

.מיינט, אַז דאָרטן איז דער גליק

,דאָס ווייסט ער ניט, אַז מען שטייט הייך

,פאַרשווינדלט זיך אין קאָפּ

,עס פאַלט אַ מוט אַפן האַרצן

…און ער פאַלט פון די טרעפּ אַראָפּ

צו פיל דייַגעס, צו פיל זאָרג

,איז מיט דיר, מייַן לעבן

.ווער ווייס, וואָס מאָרגן וועט זייַן

,וואָס גאָט וועט אונדז געבן

,סייַ סטאָליאַרעס, סייַ מאָליאַרעס

,פּאָדיאָניקעס אייך דערבייַ

,סייַ סטאָליאַרעס, סייַ מאָליאַרעס

…שוסטער, בלעכער

З гонарам насі сваё імя — габрэй,

Трымайся дзесяці запаветаў,

Вучыся й вучыся, і не стамляйся,

І спадзявайся, маё дзіця, на Бога.

У цябе, маё дзіця, шмат ворагаў,

Што толькі яны з табой ня змогуць зрабіць?!

Калі бяз Бога нічога ня зробіцца,

Ці здолее хто зрабіць што-небудзь без яго,

Ці бачылі вы Гамана,

Які сканаў на шыбеніцы?!

Высокая лесвіца з дзікімі прыступкамі,

Куды толькі дастане вока,

А чалавек, які стаіць над табой,

Лічыць, што там і ёсць шчасце.

А таго ён ня ведае, хто стаіць высока,

У таго пойдзе галава кругам, знібее ягонае сэрца,

І ён паляціць з прыступкаў долу.

Зашмат турботаў, зашмат клопату

З табою, маё жыццё,

Хто ведае, што будзе заўтра,

Што Бог нам гатуе.

І сталяры, і маляры,

І падзённікі таксама

І сталяры, і маляры,

Шаўцы, бляхары…

(пераклад А. Астравуха)

     

    

Частка матэрыялаў з калекцыі Я. А. Шэйніна (апублікавана ў акадэмічным зборніку «Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні». Вып. 4. Мінск, 2017)

 

Асобна хацелася б сказаць пра ўжо названую песню “Магабай”. Безумоўна, гэта гумарыстычная альбо жартоўная песня, але і ў гэтым азначэнні была зроблена “ідэалагічная купюра” — гэта хасідская жартоўная песня (зразумела, ні пра якіх там хасідаў “за саветамі” нельга было ўзгадваць). А між іншым, віцебскія хасіды — гэта і Менахэм-Мэндэль Віцебскі, і любавіцкія Шнэерсоны (цяперашні “Хабад Любавіч”), і сям’я Марка Шагала (“Уся ягоная творчасць прасякнута вопытам жыцця ў хасідскім асяроддзі і народнай ідышысцкай культурай”, д-р Клер Ле Фоль).

Мой тата жыве 84 годам — “biz hundert un cvancik” (хай жыве да 120 год)! — раз-пораз ён раскрывае для мяне скарбонку свайго кухценскага фальклору… ну й даў жа ты, як жыд перцу! хапт мэн торбэчкэ, форн кайн Магілнэ (Магільна — былое мястэчка блізу Кухціч); Лэйба з аднае ныркі два расольніка зварыць (гэта байка пра Лейбу Еля з Узды, які ўжо пасьля вайны працаваў на складзе лесаматэрыялаў); разлажыўся як Шмуйла з абразамі; жыд б’е сына: “Каб у цябе было тое спераду, што ў мужыка ззаду” (гэта пра розум)…

З бацькавых ўспамінаў, а часам мне падаецца, што яшчэ зусім малым я на свае вочы бачыў і чуў голас Мэндэля-анучніка з Узды, які на калёсах праязджаў праз Кухцічы: “Бабы, бабы, хуйсты на старызна!” З адвіслай губой, ён кепска валодаў тутэйшай гаворкай. Мэндэль збіраў старызну і косткі, а за гэта даваў бабам хусткі і розную драбязу, голкі-ніткі…у дзяцей выменьваў яйкі на цукеркі. У 50-я гады Мэндэль нарэшце прыстаў у Кухцічах у прымы да Ліды Яськавай і Ліда стала ў вёсцы звацца Мэндэлева… А з успамінаў маёй бабы Анюты і дзеда Петруся, абодва нарадзіліся ў 1907 годзе, я ведаю, што некалі ў Кухцічах на пагоне жыў жыд Шынкарык, і ці ні трымаў ён шынок…

Ад колішняга жыцця засталіся толькі дробныя шкельцы… як напісаў дзядзька Рыгор: “Гэта яшчэ тады дзеялася, калі ў нашых рэчках было шмат рыбы, а ў местах ды мястэчках шмат жыдоў”…

Аляксандар Астравух,

 жнівень 2016, Пірэй.

Апублiкавана 17.05.2017  18:32