В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (54)

Чарговы шалом.бай. Ізраільцы пасмуткавалі ў Дзень Катастрофы і Гераізму (23 красавіка) і Дзень Памяці (1 траўня), павесяліліся ў Дзень Незалежнасці (2 траўня)… Не каб браць прыклад з беларусаў! У нас жа апошнім часам кожная дата – нагода для дэманстрацый і затрыманняў. Вунь 1 мая схапілі, а 2-га аформілі на 15 сутак Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага. З абодвума сядзеў на завулку Акрэсціна ў далёкім кастрычніку 2001 года – пасля разагнанага АМАПам шэсця ў гонар першых мінскіх падпольшчыкаў 1941 г. Мы крочылі па вул. Валадарскага са здымкамі падпольшчыкаў і плакацікам «Не фашызму ў Беларусі!» За гэты час, выглядае, у карнай сістэме наўрад ці што cутнасна змянілася, а калі і адбыліся змены, то да горшага. У той жа аўторак, 2 мая на два тыдні пасадзілі гомельскага актывіста Васіля Палякова, з якім некалі праходзіў перападрыхтоўку ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ. Дзіўна шчыльны гэты свет…

На фота з адкрытых крыніц: П. Севярынец, М. Вінярскі, В. Палякоў

Падпалкоўнік запасу Мікола Статкевіч – рэкардсмен па колькасці адседак (і, вядома, па працягласці зняволення) сярод экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Калі ў 2017 г. яго «закрылі» перад масавай акцыяй першы раз, у сакавіку, тое выглядала як выпадковасць або праява каварства спецслужб, калі другі раз – 28 красавіка на 5 сутак, сёння выпусцілі – гэта падобна ўжо да маркотнай заканамернасці. Ну, умелі ж некалі «нелегалы» хавацца, блытаць сляды – той жа Ленін 100 гадоў таму ў Разліве, які потым «касіў» пад рабочага Канстанціна Іванова, меў пропуск на Сестрарэцкі збройны (!) завод. Палітактывісту можна – і трэба – атачыць сябе сябрамі-аднадумцамі, якія папярэджвалі б пра небяспеку загадзя. Нават непалітыкі часам не грэбавалі… Сяргей Даўлатаў так упадабаў эпізод з «падманам» міліцыянтаў, што ўключыў яго ў два свае творы, «Запаведнік» і «Нашы» (дзея адбываецца ў СССР канца 1970-х):

Пачалося сапраўднае цкаванне. Я абвінавачваўся па трох артыкулах крымінальнага кодэкса… Усе тры абвінавачванні былі ліпавыя.

Міліцыя з’яўлялася ледзь не кожны дзень. Але я і тут прыняў абарончыя меры.

Жылі мы на пятым паверсе без ліфта. У акне насупраць пастаянна тарчаў Гена Сахно. Гэта быў спіты журналіст і, як многія апівохі, чалавек бліскучай высакароднасці…

Калі да нашага пад’езда ішла міліцыя, Гена здымаў слухаўку.

– Бл*дзі ідуць, – лаканічна паведамляў ён.

І я адразу замыкаў дзверы на клямку.

Міліцыя сыходзіла ні з чым. Гена Сахно атрымліваў сумленна зароблены рубель.

Нехта скажа – дык пасадзяць і сяброў… Аднак чамусьці мне здаецца, што на ўсіх пратэстоўцаў «малпоўнікаў» і лжэсведкаў можа і не хапіць. Ясная рэч, калі статкевіцкі «Беларускі нацыянальны кангрэс», заснаваны год таму, – моцная, згуртаваная суполка, а не чарговая паўвіртуальная бурбалка.

Апошнім часам людзі панадзіліся пратэставаць з чыстымі аркушамі паперы, як у тым анекдоце часоў СССР; y Баранавічах і Брэсце за гэта ўжо і затрымлівалі. Калі 8 год таму я раздаваў сімвалічны «пусты» нумар бюлетэня «Мы яшчэ тут!» з адным загалоўкам ды надпісам «I так усё ясна!», то абышлося. Хоць у сакавіку 2006 г. нязменная гендырэктарка «галоўнага яўрэйскага саюза» нацкоўвала на мяне міліцыю за распаўсюд «газетёнки», помнім-помнім 🙂 Людзі на «Яме» заступіліся, дый «сілавікам» хапіла глуздоў не лезці ў разборкі па бабскіх нагаворах.

Звыш 15 гадоў спрабую ўплываць на «грамадскую думку» – адчуванні супярэчлівыя, калі-нікалі і ў пустэчу крычэў. З іншага боку, да болю кранальна выглядае, напрыклад, Лявон Баршчэўскі, які на «Радыё Свабода» ў каментах спрачаецца наконт праграмы «Вольная Беларусь» з нейкімі ананімамі: «Адказваю за кожнае слова, што я пісаў у Праграму. Гатовы абмяркоўваць гэта хоць перад мільённай аўдыторыяй! Беларускі гуманітарны ліцэй паказаў альтэрнатыву саўковай адукацыі… Я зьвяду вас з Паўлам Церашковічам, з Аляксандрам Казуліным, зь іншымі, раскажу пра свой 37-гадовы досьвед выкладаньня ў школах, ліцэях і ВНУ – далібог, усе пытаньні закрыем!» Ладна я, трыкстэр ад паліталогіі, а Леанід Пятровіч – кандыдат філалагічных навук, паліглот (няблага валодае ідышам), экс-дэпутат парламента… Двойчы, хоць і не падоўгу, кіраваў партыяй БНФ – у канцы 1990-х і на 10 гадоў пазней. Цяпер – быццам той айцец Макензі з бітлоўскай песні «Eleanor Rigby»…

Яшчэ адна прамова, звязаная з адукацыяй у Беларусі, падалася мне куды менш кранальнай. Прафесарка Юлія Чарняўская з дзяржаўнага ўніверсітэта культуры 30.04.2017 вырашыла паскардзіцца на студэнтаў, дый на сучаснасць. Шчыра папярэдзіла, што меркаванні апанентаў ёй не надта цікавыя: «Догадываюсь: на форуме развернется то, что некоторые по наивности считают «дискуссией» — и что на деле оборачивается злобными наскоками на автора статьи и друг на друга». Між тым апаненты, у прыватнасці, незнаёмая мне Donna_Kichot, выдалі серыю годных адказаў, хоць і не ўладаюць сацыяльным капіталам Ю. Ч. Падзівімся на фрагменты разам (пераклад з рускай):

Ю. Ч.: Не так даўно я высветліла, што ніводзін чалавек на курсе гуманітарнай ВНУ не чытаў [пушкінскага] «Меднага конніка». Калі я абурылася, мяне спыталі: «А хто аўтар?». Калі я напісала пра гэта ў Facebook, мне пярэчылі – звычайна двума спосабамі. Першы: «А вы ў такіята гульні гуляць умееце?». Другі: «Гэта не наша, не еўрапейскае, гэта іх, рускае. Навошта гэта беларусам». У гульні я гуляць не ўмею, што праўда, то праўда. Але тое, што паэзія і камп’ютэрная гульня ставяцца на адзін узровень, здалося дзікім… Што да «не нашага», то, папершае, «Медны коннік» – гэта даўно ўжо сусветны набытак, а падругое, самі пытанні паэмы: чалавек і ўлада, абывацель перад тварам катастрофы – што ж больш сучасна, што агульначалавечна? Можна падумаць, тыя, хто кажа «не наша», чытаюць Купалу, Жылку, Дубоўку, Стральцова, Сыса і мн. Інш. Як і Рыльке, і Одэна, і Эліата; як і Бадлера, Верлена, Рамбо; як і Галчынскага, Тувіма, Стафа, як Забужка і Жадана. Не кажучы пра гісторыю, філасофію і сур’ёзную псіхалогію.

D. К.: Не бачу ніякай праблемы ў сучаснай моладзі. У яе проста іншыя інтарэсы. І так, сучаснае жыццё дыктуе паскарэнне працэсаў, адпаведна, няма калі чалавеку быць ёмішчам велізарных сфер ведаў, якія, па сутнасці, неўжывальныя ў справе (ведаць усё пра ўсё – гэта, лічы, не ведаць нічога, павярхоўныя веды такімі і застануцца). Час вымагае вузкіх спецыялістаў… Рабяты, якія распрацоўваюць праграмы, аўтару артыкула пададуцца неадукаванымі, але мозг у такіх рабят варыць як мае быць, проста там кнігі і мэты адукацыі іншыя. Я сутыкаюся з тэхнічнай моладдзю, гэтыя будуюць мадэлі робатаў, пішуць самі праграмы, вочы гараць. Ім вашыя жарсці па паэзіі да лямпачкі, але і вам, паважаны аўтар, ніколі не агораць падручнік сапрамату.

Ю. Ч.: Я спрабавала вучыць вас, дарагія студэнты. Спрабую без малага 30 гадоў. Раней я спадзявалася на тое, што свае веды захоча паглыбіць палова. Потым – што чвэрць. Зараз – што 10−15 чалавек са ста. Буду спрабаваць, нават калі застанецца адзін. Пакуль нітачка «настаўнік – вучань» не парвецца канчаткова. Зразумела, можна дакараць педагогаў. Не захапіў, не зацікавіў, у працы не прыдалося… Але хто ведае, што прыдасца ў жыцці – на самых нечаканых яго паваротах, напрыклад, пры змене прафесіі. Аднак вы ж мне не паверыце? Не ведаць – сорамна. І нашы маладыя (якіх – адкрыю таямніцу – я ўсе адно люблю) гэта калінебудзь уцямяць. Не ўсе. Нехта.

D. К.: Студэнты не дурныя, яны выдатна адчуваюць, чаго чакаць ад выкладчыка, і ўжо за першыя 15 мінут першай лекцыі вызначаюць, ці варта прыслухоўвацца да чалавека ля дошкі, або атрымаць інфармацыю з іншых крыніц… І калі прафесар наракае, што не можа знайсці агульную мову з сучаснымі студэнтамі, і так з года ў год, то, можа, яму варта перагледзець свае падыходы да падачы матэрыялу? У рэшце рэшт, у вас ёсць гэтыя першыя 15-20 мінут першай лекцыі, калі ўся аўдыторыя слухае вас…

Праблема ў вышэйшай беларускай адукацыі ёсць. Асноўная – нізкія прахадныя балы і тое, што ва ўніверсітэт бяруць усіх, і жука, і жабу; у рэгіянальных ВНУ у гэтым плане проста дно. Да ВНУ і выкладчыкаў даводзяцца планы; галоўнае – лічбы і выкананне паказчыкаў. Якасць на апошнім месцы, якой матывацыі чакаеце ад студэнтаў? Чаму паважаны аўтар не пытаецца ў кіраўніцтва свайго ўніверсітэта, з якой прычыны да залічэння дапускаюцца яўныя былыя двоечнікі? Чаму заданні на курсавыя работы дазваляюцца адны і тыя ж з года ў год, што заахвочвае плагіят і спісванне? Чаму выкладчыкі ў ВНУ прымаюць да заліку курсавыя, якія відавочна былі выкананы пабочнай асобай, а не самім студэнтам? Чаму замест таго, каб адлічыць непрыхаванага гультая, вы ставіце 4 балы і прапускаеце такога студэнта на наступны курс? Дзе ваш голас, прафесура, па гэтым пытанні? Не чуваць.

З 2005 г. не працую ў ВНУ. Адмаўляць зніжэнне планкі ў белуніверах за апошнія 10-12 гадоў бессэнсоўна, сам заўважаў шматлікія сімптомы заняпаду. Але мне не даспадобы, калі пад маркай «любові-любові» і самаахвярнасці контрагентам прышчапляецца пачуццё – і нават комплекс – віны. Калі студэнтаў і іншы люд паспаліты рыхтуюць да таго, што ім так ці іначай трэба адказваць за «касякі» менеджменту. Шкада, што найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал tut.by усё часцей займаецца маралізатарствам а-ля «Советская Б.»… і сячэ сук, на якім сядзіць. У выпадку імавернага «наезду» з боку дзяржавы абараняць рэсурс будзе цяжэй…

Наконт чытання кніг і яго процістаўлення камп’ютэрным гульням – дальбог, шмат у якіх сітуацыях гэтая альтэрнатыва падманлівая. Добра сказаў паважаны Юліяй Ч. (і мною) расійскі літаратуразнавец Дзмітрый Быкаў: «Калі ў вас упадак духу, трэба знайсці прычыну ў сабе і з гэтай прычынай справіцца. Зусім не абавязкова для гэтага чытаць якую-небудзь кнігу… у 1970-х гг. СССР быў самай чытаючай краінай: усе чыталі і нічога не рабілі для таго, каб сітуацыю змяніць. А яе трэба мяняць». Далей Быкаў усё ж вылучае некалькі варыянтаў для чытва ў час крызісу, але рэзюмуе задзірліва: «больш актыўна жывіце і менш чытайце».

Мяркую, многія творы пісьменніка Анатоля Алексіна (1924–2017, у 1993–2011 гг. жыў у Ізраілі), памерлага 1 мая, захаваюць прызнанне чытачоў, пагатоў ён пісаў не толькі для савецкіх дзяцей, а і для постсавецкіх дарослых… Будзе нагода, перачытаю «земляка» (бацька А. А. – ураджэнец Мінска). Сёння ж цікава было памацаць акаўнт «Горад ценяў», адкрыты 4 месяцы таму: гэта «нататкі з чытаньня хронікі паралельнага сусьвету – кнігі памяці “Менск. Горад-Маці” (Minsk, ir va-em)». Я і не ведаў, што «Напачатку габрэйскі Менск жыў у ценю важных юдэйскіх рэлігійных цэнтраў навакольля – Ракава і Сьмілавічаў. Але ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя ён іх дагнаў і перагнаў і набыў велічны арамэйскі тытул “Мінск Карсэ Дэшуфрэе”, Велікапышнае Места Менск». А таксама пра тое, што Мойшэ Кульбак «згалівудзіў» рэальную гісторыю разбойніка Бойтры.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

03.05.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 04.05.2017  00:44

Leave a Reply